ПЕЛАПАНЕ́СКІ САЮ́З,

аб’яднанне стараж.-грэчаскіх полісаў Пелапанеса на чале са Спартай у 2-й пал. 6 — сярэдзіне 4 ст. да н.э. У саюз увайшлі: Карынф (582 да н.э.), Эліда (570), Аркадыя, Сікіён (550), Аргаліда (520), Мегара (510). Склаўся як гарантыя гегемоніі Спарты ў Грэцыі, з’яўляўся сістэмай двухбаковых пагадненняў, якія звязвалі Спарту паасобку з кожным саюзнікам. Саюзнікі павінны былі ўдзельнічаць у ваен. паходах спартанцаў (кожны чл. саюза павінен быў выстаўляць ​2/3 сваёй ваен. сілы) і пастаўляць караблі. У пытаннях знешняй палітыкі саюз дзейнічаў у інтарэсах арыстакратаў і алігархаў. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. П.с. — агульнагрэч. арг-цыя. Распаўся пасля паражэння Спарты ў вайне з Фівамі (362 да н.э.). Спроба аднавіць яго ў 330-я г. да н.э. не ўдалася.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)